Яўген Валошын: ” Сваё звальненне звязваю з дзейнасцю наркамафіі! ”

Пасля серыі гучных журналістскіх расследванняў па праблемах наркаманіі ў Беларусі журналіста газеты “Звязда” Яўгена Валошына прымусілі пакінуць працу. Сваё звальненне, сітуацыю з наркаманіяй ў нашай краіне, пытанні нацыянальнай бяспекі і ўнутрыпалітычную сітуацыю на Беларусі адзін з самых яркіх айчынных журналістаў згадзіўся абмеркаваць на прасторы нашага сайта.

 

Яўген, вы доўгі час працавалі журналістам у дзяржаўным выданні. Чаму , на ваш погляд, так мала сапраўды цікавых і вострых публікацый на старонках дзяржаўнай прэсы?

Ёсць некалькі прычынаў. Першая – гэта цэнзура. Журналіст у ідэале павінен кантраляваць чыноўнікаў, сілавыя ведамствы. Але ў нас усе гэтыя “касты” – недатыкальныя. І губляецца сэнс журналісцкай працы. Ты ўжо служыш не народу, а гэтым “кастам”, што дарваліся да карыта. Таму пра гэта пісаць – нельга, пра гэта – таксама, сюды – не суйся, туды – не хадзі.

У нашых дзяржаўных СМІ пад словам “журналіст” разумеюць паняцце “прапагандыст”, “падліза”. Прапагандысту дастаткова схадзіць на прэсавую канферэнцыю, фотачку зрабіць ну і адпісацца ў кабінеце. Займацца чымсьці сур’ёзным не варта – не вітаецца. А вось пабрахаць, на каго пакажа начальства, гэта вітаецца, за гэта прыплачваюць.

Дарэчы пра некаторыя як бы незалежныя СМІ магу сказаць тое ж самае.

Сучасны журналіст павінен імкліва збіраць інфармацыю, ездзіць на аўто, абнаўляць тэхніку. Але на паліва ў дзяржсмі грошы не выдаткоўваюцца. Хуткі збор інфармацыі тут проста не патрэбны. Таму і узровень нашых дзяржаўных СМІ камічна нізкі.

Мая газета “Звязда” была выключэннем. Тут прынцыпаў журналісцкай этыкі часткова прытрымліваліся. І я гэтым ганаруся.  Некаторых журналістаў няма ў чым папракнуць. Яны працавалі на карысць грамадства.

Як вы лічыце , журналіст гэта перш за ўсё прапагандыст, ці гэта незалежны назіральнік, трэцейскі суддзя?

 

Другое. Безумоўна.

Ці ўплывалі  ўласныя ідэалагічныя пераканні грамадзяніна Яўгена Валошына на тэматыку і стыль вашых публікацый?

Калі не хочаш уляпацца ў лайно, дэскрыдытаваць сябе, мусіш дзейнічаць згодна пэўным інструкцыям – прафесійнай этыцы журналіста. Што я і рабіў. Важна не ўспрымаць грамадства палярызаваным: гэта “нашы”, гэта – “ворагі”. Палярызаванасць і так раскалола беларускае грамадства і няўхільна вядзе нас да самазнішчэння.

Я пазбягаў палярызаванасці. Для мяне ўсе былі роўныя. Нават калі я камунікаваў здавалася б з апошнімі падонкамі, я настройваўся, што гэта проста аб’ект  інфармацыі, проста адзінка, неабходная для падрыхтоўкі аб’ектыўнага матэрыялу. Мае артыкулы ў асноўным размаўлялі выснамі розных пазіцый, усім давалася слова. І вось, дзіва!  У выніку атрымлівалася аб’ектыўная карцінка. Так павінна спрацоўваць журналістыка.

Распавяду вам пра цікавы эпізод. Некалі я працаваў у газеце “Камсамольская праўда” і пісаў пра аўтамабілі вядомых людзей. І мусіў узяць інтэрв’ю у Лідзіі Ярмошынай – старшыні Цэнтрвыбаркаму. Сам сабе я думаў: ну як магчыма браць у яе інтэрв’ю? Кім я буду пасля гэтага? На што адзін мой мудры калега сказаў: “Уяві, што ты бярэш інтэрв’ю ў Гітлера, распытваеш пра яго машыну. Ну фішка ж!”

Вашай візітнай карткай сталі журналістскія раследванні. Які з сваіх матэрыялаў лічыце найбольш удалым і чаму?

Апошняе расследаванне аб распаўсюджванні “бубак”. Яно бясспрэчна паказала, што наркотыкі ў нас прадаюцца бесперашкода і што дзяржава не ў стане (ці не хоча) спыніць пагражальны наркагандаль. Таксама мне падабаецца расследаванне аб масштабах праварадыкальных ідэй у Беларусі, якое выйшла гэтым летам. Адно з першых расследаванняў тычылася шматлікіх смерцяў беларускіх дзяцей на уроках па фізкультуры. Пасля гэтага тэксту ніводнае дзіця больш не загінула, былі прынятыя меры. Цікавых работ было нямала.

У сваіх артыкулах Вы падымалі вельмі вострую тэму беларускай наркаманіі, засяроджваючы асаблівую ўвагу на бесперашкодным гандлі опіумаутрымліваючым насеннем маку –“бубкамі” на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.  Публікацыі прыцягнулі ўвагу да праблемы і выклікалі вялікі грамадскі рэзанас. Гандль “бубкамі” апынуўся пад пагрозай забароны, журналіст Валошын стаў пагражаць інтарэсам беларускай наркамафіі. Ці не звязваеце вы сваё “дабраахвотна прымусовае” звальненне са “Звязды” з дзейнасцю “макавага лобі” ў пэўных структурах нашай краіны?

Звязваю.

Якая зараз перспектыва ў справы па забароне гандлю “бубкамі”? Ці рэальна вырашыць праблему і што ў гэтым напрамку трэба рабіць грамадскім арганізацыям?

Грамадскім арганізацыям варта трубіць аб праблеме ва ўсе дзюры. Праблему з “бубкамі” можна вырашыць за тры дні. Як гэта зрабіць? Я ў сваіх матэрыялах змясціў дасціпныя інструкцыі. Мы (я і неабыякавае грамадства) выканалі сваю задачу: шырока расказалі аб праблеме, давялі яе да самых высокіх эшэлонаў улады.

Калі праблема будзе вырашана – цудоўна. Калі не – то будзе дакладна зразумела, хто ў наркагандлі зацікаўлены. І ў гэтым разе, на жаль, нашы ўнукі могуць вырасці ўжо не беларусамі.

Якія захады, на вашу думку, мусіць прадпрыняць дзяржава для вырашэння праблемы “бубачнай” наркаманіі?

Усё проста. Насенне маку з дамешкамі опію павінна кваліфікавацца як наркотык. Экспертызы павінны з дакладнасцю выяўляць: ці ёсць ў субстраце наркотык. Гэта можа быць не толькі насенне маку, але і грэчка з дамешкамі опію, рыс ці кілаграм жыта. Няважна. Экспертыза павінна выяўляць – ці магчыма з субстрату прыгатаваць наркотык.

Калі экспертызы будуць паказваць наяўнасць опію ў субстраце, за “бубкі” будуць саджаць. І яны тут жа знікнуць з рынку.

Па роду службовай дзейнасці вы сустракаліся са шматлікімі прадстаўнікамі беларускай улады. Ці ёсць сярод іх людзі патрыятычных пераканняў, прыхільнікі нацыянальнага адраджэння і самастойнага развіцця нашай дзяржавы?

Натуральна, такія людзі ёсць. Але размаўляць на такія тэмы з прадстаўнікамі ўлады даводзілася рэдка. Баяцца. Таму што прадстаўнікі ўлады яны толькі намінальныя, насамрэч не ў стане вырашыць нават дробную праблемку. Вырашаюць у нас адзінкі.

Сустракаліся людзі, з цвёрдым характарам, як бы патрыёты. Але патрыёты незразумелых мне ідэй, патрыёты аднаго чалавека, а не Беларусі. Усё гэта з-за нізкага ўзроўню адукаванасці, ад неразумення сэнсу важных рэчаў, ад няўмення думаць і быць сумленным перад Богам.

Сустракаліся і разумныя людзі, але, да жалю, пужлівыя і прадажныя. Гатовыя на ўсё, гатовыя здаць любога, каб толькі прыгрэць азадак.

Сустракаліся і сумленныя людзі. Зноў жа паўтаруся. Але наяўнасць такіх у дзяржструктурах не вітаецца. І гэта вядзе нас у прорву.

Якія выклікі, на вашу думку, найбольш актуальныя для нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь?

Гэта імклівая наркатызацыя і няздольнасць (нежаданне) ёй супрацьстаяць. 140 тысяч ін’екцыйных спажыўцоў і незлічоная колькасць спажыўцоў сінтэтычных псіхатропаў.

Гэта алкагалізацыя насельніцтва. Каля 500 тысяч хранічных алкаголікаў.

Гэта неасцярожнае збліжэнне з Расіяй і пагроза сувернітэту. Да 19 снежня мінулага году ўсё шло больш менш лагічна, Беларусь займала даволі цікавую палярызаваную пазіцыю у міжнароднай палітыцы. Але здрадніцкі разгон дэманстрацыі, магчыма, падпісаў беларусам вырак. Шанцы, што незалежная Беларусь будзе існаваць  гадоў праз 20 – 50 на 50.

А яшчэ адна пагроза – дэбілізацыя насельніцтва, няграматнасць ідэалагічнай лініі. Сённяшнія ідэолагі – гэта дылетанты, якія няздольны граматна выхоўваць моладзь.

Якія дасягненні нашай дзяржавы за перыяд незалежнага існавання з’яўляюцца найбольш значнымі? Што патрэбна зрабіць уладзе і грамадству  для ўмацавання суверэнітэту і забеспячэння дынамічнага развіцця?

Да 19 снежня 2010 года Беларусь сцвердзілася як незалежная дзяржава. Гэта асноўнае дасягненне. Але сёння мы зноўку кацімся ў рабства.

Я лічу, што хаця б:

-Павінны рэальна працаваць усе неабходныя законы, чаго і блізка няма. Яны працуюць выбарачна.

–Павінна праводзіцца граматная нацыянальная палітыка. Беларус павінен зразумець, што ён беларус. Беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай, а руская павінна таксама шанавацца, мець статус афіцыйнай, але не дзяржаўнай. Беларуская гісторыя павінна граматна даносіцца да грамадства.

-У грамадстве павінен узнікнуць культ узаемапавагі. Стаўленне да звычайных беларусаў з боку ўлады мусіць быць, не як да быдла, а як да грамадзян.

-СМІ павінны працаваць свабодна, мусіць з’явіцца іфармацыйны рынак, ціск на журналістаў – недапушчальны.

Гэты спіс можна доўга працягваць. Але вы задасцё пытанне: як ажыццявіць гэтыя пункты? Я ведаю, як гэта ажыццявіць. Ёсць разумныя і сумленныя людзі, якія ведаюць ЯК ТРЭБА РАБІЦЬ. Але іх сёння лічаць у афіцыйных структурах “ворагамі народу”. Што і паказала маё звальненне.

А гэта памылка. У выпадку, калі Беларусь пачне губляць незалежнасць, тыя, што сёння пры карыце, будуць першымі здраднікамі. А некаторыя з тых, каго ўлада лічыць “ворагамі народу”, пакладуць галовы на алтар беларускай незалежнасці.

У чым палягаюць вашы далейшыя планы? Ці ёсць перспектывы працаўладкавання, на якія тэмы плануеце пісаць?

Я ў нармальным настроі. Але мая будучыня – невядомая. На дадзены момант я – звычайны беспрацоўны. А далей – як Бог дасць, так і будзе.

Біяграфічная даведка:

Журналіст, 25 гадоў. Загадчык аддзела расследванняў газеты «Звязда» (2010-2011 гады). Раней працаваў у «Камсамольскай праўдзе». Двойчы арымліваў першую прямію ў намінацыі «Лепшае журналісцкае расследаванне» на конкурсе «Вольнае слова».

Скончыў Ліцэй БДУ і Інстытут журналістыкі БДУ.

Тэгi: , , , ,

Каментары (5) да “Яўген Валошын: ” Сваё звальненне звязваю з дзейнасцю наркамафіі! ””

  1. Добры матэрыял. Увогуле, цягам апошняга года на сайце «ПА» з’явіліся цікавыя тэксты

  2. Мне таксама падабаўся артыкул, атрымалася добрая размова.

  3. Варты чалавек і журналіст. Ды і такі я думаю не згубіцца. Таму будзем чакаць яго новых матэрыялаў.

  4. [...] Пасля серыі гучных журналістскіх расследванняў па праблемах наркаманіі ў Беларусі журналіста газеты “Звязда” Яўгена Валошына прымусілі пакінуць працу.  Публікуем фрагмент інтэрвію вядомага журналіста сайту aljans.org [...]

Пакiнуць каментар

Апошнiя Навiны rss
Заставайцеся на сувязi